Эпідэмічны парог не перавышаны
Нягледзячы на тое, што выпадкаў захворвання на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі на Бабруйшчыне з дня на дзень становіцца болей, эпідэмічны парог, як адзначылі ў Бабруйскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, па стане на ўчарашнюю раніцу не перавышаны.
Асноўная частка з тых, хто захварэў, дзеці.Маюцца адзінкавыя выпадкі захворвання на грып тыпу А. Усе захварэлыя — жыхары Бабруйска. Каб не трапіць у палон да зімовых вірусаў, медыкі цэнтра раяць прытрымлівацца асноўных мер перасцярогі — як мага часцей мыць рукі з мылам (у абавязковым парадку рабіць гэта перад ядой).
Знаходзячыся ў транспарце — пры перамяшчэнні на працу, а затым дамоў — не датыкацца рукамі да твару: носа, рота, вачэй. Прыйшоўшы дамоў, вымыць рукі. Не забывацца на вільготную ўборку памяшканняў, даваць доступ у іх свежаму паветру, болей часу бавіць на вуліцы. Загадзя (на выпадак захворвання) паклапаціцца пра наяўнасць у хатніх аптэчках гарачкапаніжальных прэпаратаў. Падчас хваробы — заставацца дома: звярнуцца ў лячэбную ўстанову альбо выклікаць урача на дом. Не забывацца ўключаць у штодзённы рацыён прадукты, багатыя на вітамін С.
Алена КАРПЕНКА.