Новы год абяцае быць цікавым
Хто болей за ўсіх чакае Новы год? Вядома ж, дзетвара, для каго гэтае свята звязана з падарункамі, з зіхацістаю прыгажуняю елкаю, Дзедам Марозам, Снягуркаю і шэрагам іншых казачных персанажаў.
Дарэчы, рыхтавацца да іх прыходу ў дашкольных установах раёна пачалі загадзя і цяпер ужо наблізіліся, можна сказаць, да фінішнай прамой. Выхаванцы дзіцячага садка в. Вішнёўка сустрэнуцца з любімымі персанажамі ўжо на пачатку тыдня.
Святочнае мерапрыемства пад назвай “Запальвайцеся, навагоднія агеньчыкі!”, на якое былі запрошаны і дарослыя, пройшло ва ўстанове ўжо 22 снежня.
Выхаванцам дашкольнай установы аг. Варатынь 24 снежня незабыўныя хвіліны сустрэчы з чароўным Дзедам і яго не меней чароўнай унучкай будуць дарыць прадстаўнікі дзіцячага гульнёвага цэнтра г. Бабруйска з праграмай “У гасцях у дзетвары”.
Ва ўсю рыхтуюцца да Новага года ў дзіцячым садку пас. Туголіца, дзе святочныя ранішнікі — для кожнай групы асобна — пройдуць з 28 па 30 снежня. Акрамя бацькоў і родных выхаванцаў, на мерапрыемствы запрошаны наведвальнікі “Мацярынскай школы”, якая з гэтага года пачала функцыянаваць пры ўстанове — патэнцыяльныя “садоўцы”, чый узрост на сёння не дасягнуў трох год.
Алена КАРПЕНКА.