На палях раёна
Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчаванння райвыканкама Жана Жукоўская, на гэты час практычна завершана сяўба ранняй ярыны: збожжавых і зернебабовых культур. У гаспадарках займаюцца сяўбой адналетніх траў для кармавых мэт і перасейваннем азімых культур.
Тры гаспадаркі: СВК “Гігант”, СВК “Калгас імя Дзяржынскага” і ТАА “ВЕОМ” прыступілі да пасадкі бульбы. Лідзіруючую пазіцыю ў гэтым плане трымае “Гігант”, дзе, па апошніх дадзеных, ужо пасаджана 405 гектараў. У СВК “Калгас імя А. Неўскага” і СВК “Калгас імя Дзяржынскага”, акрамя іншага, займаюцца сяўбой цукровых буракоў. У кожнай з гаспадарак пасеяна болей чым па 30 працэнтаў ад плану. У філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, дзе таксама займаюцца вырошчваннем салодкіх караняплодаў, гэтую работу ўжо завяршылі.
Клопат у гэтыя дні сельгасвытворцы праяўляюць і аб травяным корме для жывёлы. Той жа люцэрны сёлета ў раёне збіраюцца пасеяць звыш запланаваных лічбаў. Замест 470 га — каля 700: паблізу кожнай малочна-таварнай фермы, кожнага комплексу — яшчэ па 50-80 га. Гэта, па словах галоўнага раслінавода раёна, цалкам апраўдана: люцэрна — каштоўны высокахарчовы бялковы корм. За сязон яна здольна даваць да 4 укосаў. Акрамя люцэрны, неабходна будзе пасеяць звыш 600 га шматгадовай культурнай пашы. І ўсяго падсеяць траў на плошчы каля 5 тысяч га. На гэты час ужо пасеяна 3 тысячы га, а непасрэдна люцэрны — у філіяле “Варатынь” на плошчы ў 60 га. З улікам таго, што ў рацыёне жывёлы сянаж і сілас павінны знаходзіцца, згодна тэхналогіі, у аднолькавых прапорцыях, перад сельгасарганізацыямі пастаўлена задача з большай адказнасцю падыйсці да нарыхтоўкі сенажу.
Вялікая ўвага надаецца ў раёне догляду пасеваў. У гаспадарках ужо прыступілі да другой падкормкі азотнымі ўгнаеннямі азімых зерневых культур, пачалася хімпраполка яравога рапсу. Як ужо раней паведамлялася, азімы рапс практычна ўвесь за зіму загінуў, таму вядзецца яго перасейванне яравым. Гэтая работа ў раёне амаль завершана: перасеяна 2500 га з неабходных 2800 га.
Алена КАРПЕНКА.