У восень спраў восем | Трыбуна працы

У восень спраў восем

У раёне ў асноўным завершана ўборка зерневых культур. Сёлета аграрыі бабруйшчыны, як, дарэчы, і ў цэлым краіны, атрымалі небывалы ўраджай. Між тым да паслабленняў у напружаным графіку земляробаў яшчэ далёка, — адзначае ў нашай з ёй размове намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па раслінаводстве райвыканкама Ж.А. Жукоўская, незнарок існуе пагаворка — увосень (а жнівень у народзе прылічваюць ужо да гэтай пары года) спраў восем. У разгары сяўба азімага рапсу, надыйшоў час уборкі бульбы, садавіны, а там, глядзі, цукровыя буракі на падыходзе… Але пра гэта папарадку.

— Жана Анатольеўна, ці паспелі да дажджоў убраць зерневую групу культур і ці задаволены атрыманым ураджаем?

— З уборкай хлеба сёлета паспелі як ніколі: на працягу ўсяго перыяду жніва стаяла сухое, спякотнае надвор’е, практычна не было патрэбы ў дапрацоўцы зерня. Уборка прайшла зладжана, арганізавана, яе вынікі парадавалі: намалочана амаль 60 тысяч тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 38,1 ц/га. Для параўнання — у мінулым годзе ўраджайнасць склала 33 ц/га, вага раённага караваю была 44,5 тысяч тон.

— Добры ўраджай — гэта і выкананне плану пастаўкі зерня ў лік дзяржзаказу, і магчымасць задаволіць патрэбу жывёлагадоўлі ў фуражы?

—Так. Раён цалкам закрыў дзяржзаказ, які сёлета склаў 8340 тон зерня. Можна разлічваць на якасны фураж, а яшчэ — вярнуць пазыкі. За мінулыя гады іх накапілася нямала арганізацыям і фірмам, якія пастаўлялі запчасткі для рамонту тэхнікі, гаруча-змазачныя матэрыялы, сродкі аховы раслін. І хоць не ў поўнай ступені, але праплаты будуць зроблены, бо пазыкі трэба вяртаць, каб у далейшым ізноў мець магчымасць на іх разлічваць. Відавочна, што неабходна імкнуцца жыць са сваіх сродкаў, але далёка не кожная сельгасарганізацыя можа гэтым пахваліцца.

— Жана Анатольеўна, якія ўборачныя работы вядуцца гэтым часам?

— З яравых зерневых на палях застаецца грэчка. Але гэта позняя культура, у раёне яе пасеяна няшмат, у межах 170 га, так што праблем з уборкай быць не павінна. А вось бульбу, у асаблівасці ранніх гатункаў, у радзе гаспадарак ужо капаюць і рэалізуюць. Гэта датычыцца СВК “Гігант”, “Калгас імя А. Неўскага” і “Калгас імя Дзяржынскага”, ААТ “Саўгас “Кісялевічы”. Наперадзе ўборка цукровых буракоў, гародніны. За ўборачнымі работамі не забываем на сяўбу азімых культур, час якой надыйшоў. У разгары сяўба азімага рапсу. Сёлета пад яго адведзена 3100 га, болей за палову плошчаў ужо пасеяна. Далей возьмемся за азімыя зерневыя культуры: пшаніцу, трыцікале, жыта.

— Нямала ўвагі ўвесну было ўдзелена работам у садзе. Ці аддзячылі дрэўцы пладамі? Ці ёсць на яблыка попыт?

— Ураджай яблык і ў СВК “Калгас імя А. Неўскага”, і ў СВК “Калгас імя Дзяржынскага” сёлета атрымалі добры, разлічваем на болей за паўтысячы тон. Попыт на якаснае яблыка, асабліва беларускай вытворчасці, маецца заўсёды. СВК “Калгас імя А. Неўскага” гэтым часам рэалізуе ўраджай праз гандлёвы цэнтр “Карона”, ёсць і іншыя дамоўленасці.

— Гэта што датычыцца прыемнага, але, напэўна, не абыходзіцца і без турбот. Якія праблемы хвалююць гэтым часам раслінаводчую галіну?

— Хвалююць перабоі з палівам, недастатковасць мінеральных угнаенняў пад восеньскую сяўбу. Іх назапашанасць у цэлым па раёне складае ўсяго толькі 20 працэнтаў, а гэта значыць — ставіцца пад пагрозу будучы ўраджай.

— Калі ўжо згадалі пра мінеральныя ўгнаенні, то ў мяне, як чалавека не дастаткова дасведчанага ў дробязях раслінаводчай дзейнасці, узнікае пытанне — ці не перабольшваюць навукоўцы з іх значнасцю? Сёлета падчас яравой сяўбы гэтых угнаенняў, наколькі ведаю, таксама недаставала, а ўраджай атрымалі вунь які — няўровень з іншымі гадамі!? Дык ці варта траціць на гэтыя рэчывы немалыя сродкі?

— Без сумнення, варта. Сёлета як ніколі раслінам садзейнічала надвор’е. Каб не дажджы, якія ішлі з неабходнай перыядычнасцю, такога б ураджаю не было. Спрыяльныя ўмовы дазволілі раслінам атрымаць з глебы па максімуме пажыўныя рэчывы, у тым ліку мінералы, назапашаныя ў мінулыя гады. Але такі ідэальны для росту раслін год хутчэй выключэнне, чым правіла. Між тым трэба разумець, што мінеральныя ўгнаенні дзейнічаюць не аднамомантна: унёс — атрымаў ураджай. Яны назапашваюцца ў глебе, і калі ствараюцца спрыяльныя ўмовы, у прыватнасці, як сёлета, адбываецца аддача. Таму мы ў гэтым годзе і з добрым ураджаем. На натуральнай урадлівасці можна атрымаць ураджай год, два, а потым адсутнасць мінеральных угнаенняў абавязкова скажацца. Так што наша задача — палепшыць сітуацыю з імі, бо жыць трэба не адным днём. Нельга забываць і на тое, што наш рэзерв — арганічныя ўгнаенні, якіх у раёне болей чым дастаткова. У цэлым па раёне пад восеньскую сяўбу іх плануецца ўнесці 90 тысяч тон.

—Дзякую за размову.

Размову вяла Алена КАРПЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.