Адкрыты ўрок на дзесяць балаў
Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак “Адкрыты ўрок”. Сярод яго пераможцаў — і настаўнік Ленінскага ВПК “Дзіцячы сад-СШ” С.М. Герасімовіч.
Аб правядзенні 7-а рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак было аб’яўлена ў снежні мінулага года. У пачатку верасня сёлетняга — сталі вядомы імёны педагогаў, чые работы будуць удзельнічаць у фінальным туры конкурсу. А літаральна днямі дайшла інфармацыя, што ў адной з чатырох намінацый — намінацыі “Лепшы адкрыты ўрок гуманітарнага накірунку”, перамог настаўнік нашага раёна. Метадычная распрацоўка Сяргея Міхайлавіча — гэта адкрыты ўрок па гісторыі Беларусі ў 6-ым класе на тэму: “Пачатак выкарыстання металу на беларускіх землях”. Дарэчы, як паведамілі ў раённым метадычным кабінеце, на рахунку настаўніка не толькі гэтая заслуга: маюцца публікацыі ўрокаў у “Гістарычным часопісе”, ён пераможца раённага і фіналіст абласнога конкурсаў прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, член абласнога клуба педагогаў, ён неаднойчы даваў майстар-клас для калег вобласці. Акрамя таго Сяргей Міхайлавіч як член рэспубліканскай творчай групы запрошаны да ўдзелу ў рабоце рэспубліканскага практыкуму “Мадэліраванне сучасных урокаў гісторыі і грамадазнаўства”.
Варта адзначыць і тое, што станавіцца пераможцамі гэтага конкурсу для настаўнікаў Ленінскага ВПК стала традыцыяй: урокі двух педагогаў (у двух намінацыях) былі прызнаны найлепшымі і па выніках мінулага, 6-га рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак.
Алена КАРПЕНКА.